Іван Міхайлаў, асуджаны за адмову служыць у арміі з-за рэлігійных перакананняў, поўнасцю апраўданы

Іван Міхайлаў, асуджаны за адмову служыць у арміі з-за рэлігійных перакананняў, поўнасцю апраўданы. Такое рашэнне 4 траўня вынес суд Мінскага раёна, паведаміў БелаПАН актывіст кампаніі «За альтэрнатыўную цывільную службу» Міхаіл Пашкевіч.
Нагадаем, 21-гадовы прыхаджанін абшчыны «Новы запавет» Іван Міхайлаў адмовіўся ад праходжання тэрміновай вайсковай службы, на якую быў прызваны ў снежні 2008 года. Ён заявіў прызыўнай камісіі Мінскага раёна, што служба ў арміі супярэчыць яго рэлігійным перакананням, і запытаў альтэрнатыўную службу ў адпаведнасці з артыкулам 57 Канстытуцыі. У гэтым яму было адмоўлена з-за адсутнасці ў Беларусі альтэрнатыўнай грамадзянскай службы. Міхайлаву таксама было адмоўлена ў службе ў рэзерве.

15 снежня 2009 года малады чалавек быў арыштаваны ў Салігорску і змешчаны ў следчы ізалятар, а 1 лютага Мінскі раённы суд прызнаў яго вінаватым ва ўчыненні крымінальнага злачынства за ўхіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу і прыгаварыў да трох месяцаў арышту. Для адбывання пакарання Міхайлаў быў накіраваны ў турму № 8 у Жодзіна.

Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Івана Міхайлава вязнем сумлення.

9 сакавіка калегія Мінскага абласнога суда разгледзела касацыйную скаргу Міхайлава на прыгавор, вынесены яму Мінскім раённым судом, і вырашыла накіраваць справу на паўторны разгляд. Акрамя таго, калегія пастанавіла вызваліць Міхайлава, змяніўшы яму меру стрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб нявыездзе.

Пашкевіч лічыць поўнае апраўданне Міхайлава «вялікай перамогай». «У нас ёсць яшчэ дзве крымінальныя справы па аналагічных выпадках аб патрабаванні альтэрнатыўнай службы ў арміі — справа Яўгена Якавенкі і члена рэлігійнай абшчыны „Сведкі Іеговы“ Дзмітрыя Смыка. Іх справы яшчэ разглядаюцца. Хоць у Беларусі і няма прэцэдэнтнага права, але ёсць судовая практыка, і калі аднаго чалавека за патрабаванне альтэрнатыўнай службы апраўдалі, то, напэўна, павінны апраўдаць і іншых», — мяркуе актывіст кампаніі «За альтэрнатыўную цывільную службу».

Пашкевіч адзначыў, што закон аб альтэрнатыўнай службе павінен быць распрацаваны да пачатку новай сесіі парламента — да восені гэтага года.

Сяргей Пульша, БелаПАН.

Апраўдалі Яна Міхайлава

04.05.2010 09:29 Валер Каліноўскі
Суд Менскага раёна апраўдаў верніка Яна Міхайлава, які паводле папярэдняга выраку суду амаль адбыў 3 месяцы арышту за ўхіленьне ад вайсковай службы.

Ян зьяўляецца вернікам габрэйска-мэсіянскай суполкі, з рэлігійных меркаваньняў ён адмаўляецца служыць у войску.

Летась 15 сьнежня Яна Міхайлава затрымалі і пакаралі арыштам на 3 месяцы за нібыта ўхіленьне ад вайсковай службы. Хлопец амаль адбыў да канца тэрмін арышту, як прысуд прызналі незаконным і прызначылі новы суд. 10 сакавіка ён выйшаў на волю і знаходзіўся пад падпіскай пра нявыезд.

Ян Міхайлаў у інтэрвію Свабодзе пасьля вынясеньня прысуду заявіў:

«Я думаю, што такое рашэньне ўхваленае невыпадкова, напэўна з-за таго што ўлады прыглядзеліся да праблемы альтэрнатыўнай службы і думаю, што ў хуткім часе трэба чакаць закону аб альтэрнатыўнай службе».

Ян Міхайлаў спадзяецца, што іншым прызыўнікам, якія паводле рэлігійных ці іншых перакананьняў будуць дамагацца альтэрнатыўнай службы, будзе лягчэй:

«Думаю, што і яны змогуць разьлічваць на апраўданьне, што на іх будуць глядзець ня проста як на чалавека, які прагне „адкасіць“, а як на чалавека, які мае свае прынцыпы і можа дабівацца нечага».

Між тым пытаньне службы яшчэ ня вырашана і для самога Яна Міхайлава, ён чакае новых павестак з ваенкамату. Ніякай адтэрміноўкі хлопец не мае, таму будзе зьвяртацца з просьбай прадставіць магчымасьць альтэрнатыўнай службы. Хавацца ад ваенкамату ён не зьбіраецца, але і служыць са зброяй у руках, прыносіць вайсковую прысягу ён не зьбіраецца.

Радыё «Свабода»

Прэцэдэнт Яна Міхайлава

04.05.2010 13:02 Валер Каліноўскі

Міхал Пашкевіч, каардынатар кампаніі «За альтэрнатыўную грамадзянскую службу», заявіў «Свабодзе» з нагоды апраўданьня Яна Міхайлава:

“У нашай краіне, на жаль, няма прэцэдэнтнага права. 12 траўня ў Гомелі будуць разглядацца яшчэ дзьве крымінальныя справы пра ўхіленьне ад вайсковай службы — супраць Яўгена Якавенкі і Зьмітра Смыка. Яўген Якавенка мае пацыфісцкія перакананьні, а Зьміцер Смык належыць да пратэстанцкай суполкі «Сьведкі Еговы».

Тым часам стартавала чарговая вясновая прызыўная кампанія. Паводле зьвестак Міхала Пашкевіча, толькі ў Менску зьбіраюцца судзіць за ўхіленьне ад службы 25 чалавек.

«Можа, ня трэба рабіць з чалавека, які ня хоча служыць у войску, злачынцу толькі таму, што мы ня можам забясьпечыць яму альтэрнатыву, як тое запісана ў Канстытуцыі. Тое, што сёньня судзьдзя апраўдаў Міхайлава — гэта знак для ўсіх маладых людзей, якія прасілі альтэрнатыўную службу, а на сёньняшні дзень гэта і тыя, каго судзілі, і некалькі салдат зь Віцебскай вобласьці, якія таксама накіравалі свае заявы на альтэрнатыўную службу. Гэта для іх знак, што і ў нашай краіне можна дамагчыся чагосьці».

Тым часам ва ўрадзе створаная працоўная група на чале зь міністрам працы Мар’янай Шчоткінай, каб стварыць праект закону аб альтэрнатыўнай службе. Усе напрацоўкі і матэрыялы ініцыятывы «За альтэрнатыўную грамадзянскую службу» перададзеныя для вывучэньня гэтай групе. Міхал Пашкевіч спадзяецца, што праект закону будзе падрыхтаваны ўжо восеньню.

Радыё «Свабода»

Падзяліся з сябрамі ў сацыяльных сетках

Цэтлікі: ,

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *