Дзмітрый Дабравольскі – пра моладзевую палітыку і канкурэнцыю з БРСМ

Топ навіны |

SONY DSC

Генеральны сакратар моладзевай арганізацыі «РАДА» распавядае пра канкурэнцыю з БРСМ і тое, з чаго складаецца моладзевая палітыка ў Беларусі.

Чым займаюцца: Падтрымкай, развіццём і ўмацаваннем моладзевых арганізацый.

Дата заснавання: 1992 год.

Структура: 19 розных моладзевых арганізацый, сярод якіх «Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў», праваабарончы ЛГБТ-праект «ГейБеларусь», «Экадом», «Маладая Грамада», Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты. Усе яны сустракаюцца два разы на год на агульным сходзе. Раз на два гады абіраецца Старшыня «РАДЫ» і Праўленне, куды ўваходзяць 6 прадстаўнікоў сяброўскіх арганізацый. Таксама абіраецца генеральны сакратар, які разам з калегамі з сакратарыята займаецца рэалізацыяй праграм і праектаў. 

Факты: «РАДА» – адна са старэйшых моладзевых арганізацый у Беларусі. Праз яе адукацыйныя праграмы прайшло некалькі тысяч чалавек. Яны прадстаўляюць Беларусь у буйнейшай агульнаеўрапейскай платформе моладзевых арганізацый

Кантакты: Сайт  |  FB  |  VK

З кім гутарым: Дзмітрый Дабравольскі, 32 гады. Генеральны сакратар у няўрадавай арганізацыі Беларускі Нацыянальны Моладзевы Савет «РАДА». Мае юрыдычную адукацыю.

 

Гісторыя Дзмітрыя

– Я вырас у вёсцы недалёка ад Менску і вучыўся ў сельскай школе, чаго не пажадаю нікому. Мяне заўсёды цягнула да грамадскай актыўнасці, і першае, у што я ўвязаўся, быў Беларускі патрыятычны саюз моладзі (БПСМ). Тады, у 14 гадоў, я не асабліва ўяўляў, што гэта такое, але хутка стаў сакратаром першаснай ячэйкі БПСМ. Праз два тыдні пасля ўступлення мы з сябрамі разрэзалі нашыя членскія білеты, таму што зразумелі, куды патрапілі. Потым у школе я стварыў клуб ЮНЕСКА, і гэта стала першым пазітыўным вопытам удзелу ў грамадскай дзейнасці.

Затым у мяне ў жыцці быў дзікі перыяд, калі памерла маці, праз год – бацька, а неўзабаве згарэў дом, з якога я ледзь паспеў выбегчы. Пазычыў у суседа спартыўны касцюм і паехаў у горад. Алена Танкачова і калегі з Lawtrend, у якім я працаваў на той момант, дапамаглі зняць кватэру. З таго часу я жыву ў Менску.

«У мяне ў жыцці быў дзікі перыяд, калі памерла маці, праз год – бацька, а неўзабаве згарэў дом, з якога я ледзь паспеў выбегчы»

Потым у мяне быў досвед працы ў «Некст Стоп – Нью Лайф», у «Офісе за дэмакратычную Беларусь», у чэшскай няўрадавай арганізацыі «Чалавек у нядолі», а ў 2013 годзе я прыйшоў у «РАДУ».

Атрымліваецца, што ўсё сваё жыццё я працаваў у грамадскім сектары. Акрамя стажыровак у Міністэрстве юстыцыі, у мяне няма вопыту работы ні ў дзяржаўных органах, ні ў камерцыйных арганізацыях.

 

Чым займаецца «РАДА»?

– «РАДА» – гэта саюз 19-ці розных моладзевых арганізацый: у нас ёсць і ЛГБТ, і рэлігійныя, і палітычныя, і студэнцкія супольнасці.

Мы не працуем наўпрост з маладымі людзьмі, мы працуем з арганізацыямі. «РАДА» – гэта Нацыянальны моладзевы савет Беларусі, які быў створаны ў 1992-м, зарэгістраваны ў 1997-м і ліквідаваны рашэннем суда ў 2006-м. Сёння мы ў краіне не зарэгістраваныя.

Справа ў тым, што ў 2000-х была хваля рэпрэсій у адносінах да недзяржаўных арганізацый, пад якую «РАДА» таксама трапіла. І пасля ліквідацыі мы страцілі магчымасць узаемадзейнічаць з уладамі. Пасля гэтых падзей мы скіравалі нашыя намаганні на дапамогу ацалелым арганізацыям. Нашая галоўная ідэя – прасоўванне інтарэсаў маладых людзей. Калі адна арганізацыя спрабуе дагрукацца да ўладаў са сваімі праблемамі і прапановамі, то гэта рэдка мае эфект. Калі ж некалькі арганізацый аб’ядноўваюцца, то ў іх з’яўляецца значна больш шанцаў нешта змяніць.

Зразумела, мы займаемся распаўсюджваннем звестак пра існуючыя моладзевыя арганізацыі незалежна ад таго, зарэгістраваныя яны ці не. Гэта важна, бо ў нашай краіне не хапае незалежных крыніц інфармацыі. Калі спытаць выпадковага мінака, якія моладзевыя арганізацыі ён ведае, то ён назаве толькі БРСМ. А ёсць і іншыя арганізацыі – іх мала, але яны ёсць. Мы лічым патрэбным даваць веды пра тое, што ў моладзі ёсць выбар.

«Калі спытаць выпадковага мінака, якія моладзевыя арганізацыі ён ведае, то ён назаве толькі БРСМ»

У нас ёсць праграма падтрымкі моладзевых арганізацый. Мы прадстаўляем пляцоўкі для правядзення мерапрыемстваў і арганізоўваем паездкі за мяжу. Яшчэ мы заснавалі так званае «Моладзевае кафэ»  – гэта нефармальныя сустрэчы з экспертамі з розных краін.

Таксама мы працягваем прасоўваць голас беларускай моладзі на міжнародны ўзровень. Мы з’яўляемся часткай вялікай платформы, якая аб’ядноўвае ўсе нацыянальныя рады Еўропы, улучна з краінамі былога Савецкага Саюза. Хоць «РАДА» і не мае афіцыйнага статусу, Еўрапейскі моладзевы форум прыняў рэзалюцыю, згодна з якой менавіта мы з’яўляемся голасам беларускай моладзі ў Еўропе. Гэта выклікае абурэнне ў БРСМ, якія актыўна спрабуюць заняць нашае месца.

Нядаўна мы выдалі кнігу пра гісторыю «РАДЫ», у якой было шмат усяго: і надзей, і любові, і веры, і здрады, і прыгод. Я вельмі ўдзячны Яніне Зінчанка за тое, што яна вельмі кранальным чынам перадала ўсе падзеі.

 

Праекты «РАДЫ»

– У нас шмат розных праграм. Ёсць класічныя, якія мы праводзім ужо шмат гадоў: напрыклад, «Акадэмія першых». Гэта адукацыйны праект, накіраваны на вывучэнне пытанняў у маладзёжным сектары. Ён праводзіцца для людзей, якія толькі што далучыліся да сяброўскіх арганізацый «РАДЫ». Мы тлумачым, што такое дэмакратыя, грамадзянская супольнасць, правы чалавека, моладзевая палітыка. Мы падымаем тэмы, якія вельмі важныя ў грамадскай дзейнасці.

У нас ёсць Школа маладзёжнай палітыкi. Праз яе мы прыцягваем людзей, зацікаўленых гэтай тэмай. На жаль, у Беларусі іх няшмат. Вучні школы маюць магчымасць пазнаёміцца з паспяховымі праектамі па рэалізацыі маладзёжнай палітыкі ў іншых краінах, паслухаць беларускіх экспертаў і прапанаваць свае ідэі, якія «РАДА» можа падтрымаць. Дарэчы, летась мы выдалі справаздачу аб стане моладзевай палітыкі ў Беларусі.

А нядаўна мы зрабілі праект mnevseravno.net, мэтай якога было распаўсюджванне інфармацыі пра сяброўскія арганізацыі. Мы дапамаглі маладым людзям задумацца не толькі аб матэрыяльных рэчах. Апытанні паказваюць, што моладзі не цікавыя палітыка, правы чалавека, НДА. Прапаганда на дзяржаўных каналах добра спрацавала, і зараз усе гэтыя пытанні здаюцца небяспечнымі і незразумелымі. Усім хочацца кватэру, машыну, сям’ю, больш грошай… А кагосьці хвалююць змены клімату, асушэнне балот, забруджванне навакольнага асяроддзя. Таму мы проста і весела паказалі, што трэба задумвацца не толькі пра меркантыльны бок жыцця.

Многія нашы праекты накіраваны на тое, каб знаходзіць партнёраў за мяжой, выязджаць у іншыя краіны і вучыцца новаму вопыту. Таксама мы зрабілі ініцыятыву «Маладзёжны пасол Беларусі», дзе мы выбіраем актывіста, які ездзіць па свеце і прадстаўляе нашу краіну на розных форумах. Па сутнасці, мы выбіраем голас моладзі.

«Апытанні паказваюць, што моладзі не цікавыя палітыка, правы чалавека, НДА. Прапаганда на дзяржаўных каналах добра спрацавала, і зараз усе гэтыя пытанні здаюцца небяспечнымі і незразумелымі»

У нас добрыя адносіны не толькі з еўрапейскімі, але і з афрыканскімі краінамі. Неўзабаве прадстаўнікі «РАДЫ» і сяброўскіх арганізацый паедуць у Зімбабвэ на канферэнцыю па адвакатаванні, дзе змогуць падзяліцца досведам абароны грамадскіх інтарэсаў з калегамі з Афрыкі і Азіі. Па-мойму, часам гэты вопыт здаецца значна больш цікавым, чым навучанне ў заходніх экспертаў. Мы прывыклі, што еўрапейцы нас заўсёды чамусьці вучаць. Яны распавядаюць пра тое, што калісьці ў іх усё было дрэнна, але цяпер ужо добра. Але, па сутнасці, маладыя еўрапейцы не памятаюць гэтага «дрэнна»: яны не жылі ў той час. А хлопцы і дзяўчаты з Афрыкі самі перажывалі дыктатуру. Таму канферэнцыя з імі будзе значна больш эмацыйна афарбаваная: мы праходзім праз тое ж самае проста цяпер, усе жахі сучаснасці даволі падобныя. Зносіны з крызіснымі краінамі для нас цікавыя, таму мы развіваем і гэты кірунак.

 

Праблемы і прагнозы

– Усе беларускія законы, што тычацца моладзі, прымаюцца людзьмі, якія да моладзі не маюць ніякага дачынення. За апошні час у нашым парламенце не было ніводнага чалавека маладзей за 31 год, а большасці ўвогуле за 50, і яны вырашаюць, якія пытанні хвалююць моладзь.

На жаль, ёсць даволі песімістычны погляд на існуючую сітуацыю. Мы бачым, што большасці людзей не хочацца нічога мяняць. Яны не хочуць нават спрабаваць змагацца за свае правы.

«Адзіная зброя, якая ёсць у кожнага ў руках, – гэта салідарнасць і ўзаемная падтрымка»

Беларусь – гэта такая wonderland, у якой ніколі не ведаеш, калі здарыцца наступны цуд. Ёсць верагоднасць, што з кім-небудзь з нас можа адбыцца нешта дрэннае. Таму адзіная зброя, якая ёсць у кожнага ў руках, – гэта салідарнасць і ўзаемная падтрымка. Калі мы пра гэта забудзем, то ў нас няма шанцаў. Ні на што.

Фота by Таня Капiтонава

comments powered by HyperComments

Аўтар: Piton

Крыніца:  34mag.net

Каментары