Першы сакратар БРСМ: Што мы не адказваем вам па-беларуску — гэта прынцыповая пазіцыя

Топ навіны |

БРСМ

А 500-годзе Аршанскай бітвы БРСМ не будзе адзначаць, бо гэта падзея неканструктыўная і толькі раз’ядноўвае.

6 верасня Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі адзначае сваё 12-годдзе. З гэтай нагоды БРСМ правёў традыцыйную прэс-канферэнцыю, у якой расказаў пра сваю дзейнасць.

У дзейнасці арганізацыі не шмат зменаў.

Асноўнымі праектамі застаюцца моладзевыя будаўнічыя атрады — яны цяпер працуюць круглы год, і не толькі толькі на беларускіх аб’ектах кшталту АЭС, аб’яўленай Лукашэнкам «моладзевай будоўляй», але і ездзяць на заробкі ў Расію. Актыўна развіваюцца і моладзевыя атрады аховы правапарадку, у якіх моладзь працуе разам з міліцыяй і рыхтуецца для службы ў сілавых структурах.

Вялікая доля ўсёй дзейнасці БРСМ сканцэнтравана на грамадска-патрыятычным выхаванні, якое круціцца ў асноўным вакол Другой сусветнай вайны. Так, сёлета саюз ладзіць праекты «Дзякуй за Перамогу!», «Героі Перамогі», «Моладзевы марафон «70!», «70 гадоў міру».

Карэспандэнт «НН» пацікавіўся ў прадстаўнікоў арганізацыі, чаму ў асвятленні гісторыі Беларусі БРСМ існуе такі перакос у бок адной гістарычнай падзеі.

бузовский

«Мы спыніліся менавіта на гэтых праектах праз тэматыку 70-годдзя вызвалення Беларусі. Аднак у нас маса праектаў грамадзянска-патрыятычных і духоўных. Як прыклад можна прывесці ўручэнне пашпартоў на Дзень канстытуцыі і масу іншых праектаў, у тым ліку аднаўленне праваслаўных святынь — мы шчыльна супрацоўнічаем і з Беларускай праваслаўнай царквой, з каталіцкай царквой, — кажа Бузоўскі.

У тым ліку што тычыцца ведання гісторыі, у нас існуюць клубы «Што? Дзе? Калі?», праходзяць навукова-практычныя канферэнцыі, і класы патрыятычнага выхавання [праект, які БРСМ плануе неўзабаве запусціць у Беларусі — НН], будуць заснаваныя не толькі на падзеях ВАВ, там будзе практычна ўся гісторыя нашай краіны, якой мы мусім ганарыцца, атрымліваць урок», — патлумачыў сакратар Цэнтральнага камітэта ГА БРСМ Дзмітры Варанюк.

Першы сакратар БРСМ Ігар Бузоўскі таксама патлумачыў, што БРСМ робіць акцэнт на 70-годдзі перамогі ў Другой сусветнай вайне, бо арганізацыя вырашыла далучыцца да агульнарэспубліканскага святкавання.

Аднак паводле Бузоўскага, іншыя аспекты культурнага выхавання вельмі важныя. Відаць, настолькі, што БРСМ нават не лічыць сябе вартай закранаць гэтыя тэмы: 

«Вывучаючы гісторыю, мы рэалізуем праекты, у першую чаргу каб яны былі асабіста пранізаныя, каб моладзь праводзіла мерапрыемствы, накіраваныя на беларускую мову, на вывучэнне гісторыі.

Тое, што мы сёння не гаворым, нават на ваша пытанне не адказваем па-беларуску — гэта прынцыповая пазіцыя, каб не казаць пра некаторыя рэчы няправільна, непрыгожа.

Калі весці гаворку на афіцыйным узроўні, хацелася б… Я сам з вёскі, ведаю беларускую, але не хацелася б рабіць памылкі. Гэта справа будучыні, гэта справа перспектывы. Мы будзем рабіць усё, каб і мова наша развівалася, і культурныя традыцыі нашы развіваліся. Агромністая колькасць праектаў, у тым ліку «Уладар сяла», пра які сёння казалі, накіраваны на патрымку вёскі, дзе нашыя карані, дзе наша душа, дзе душа Беларусі».

Разам з тым адзначаць 500-годдзе Аршанскай бітвы ў БРСМ не намераны, бо гэта гістарычная падзея «раз’ядноўвае» і з’яўляецца «дэструктыўнай»:

«Калі гістарычны факт накіраваны на расслаенне поглядаў і ў колах людзей, якія вывучаюць ваенную гісторыю, і гісторыю нашай з вамі Беларусі, існуе проціборства… Таму на стварэнне, на канструктыў — абмяркоўваць будзем, у тым ліку і гэтую гістарычную дату, якая да сённяшняга дня выклікае некаторыя спрэчкі ў гісторыі, спрэчкі сярод гісторыкаў і людзей, якія могуць (…) падаваць і выкарыстоўваць гэтыя даты ў дэструктыўных напрамках. І калі мы і будзем рабіць нейкія праекты, то толькі каб у нашай краіне было стварэнне, мір і спакой і парадак, які дазволіць мірна развіваць краіну», — рэзюмаваў Бузоўскі.

comments powered by HyperComments

Каментары