Безбар’ернае асяроддзе ў камунікацыі і прасторы – дыскусія ў Гродне

Абвесткі |

Дыскусійную  пляцоўку пра перашкоды ва ўзаемадзеянні гарадзенцаў з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі і людзей без такіх ладзіць 10 мая грамадскае аб’яднанне “Цэнтр “Трэці сектар”.

У Гродне, як і ў любым горадзе любой краіны, жывуць людзі з разнастайнымі фізічнымі асаблівасцямі.  Як часта іх можна бачыць на вуліцах і ў крамах, на працы і ў школе, тэатрах і кіно? У якія асяродкі і супольнасці могуць уключацца гродзенцы з абмежаванымі магчымасцямі? Дзе могуць вучыцца, працаваць і адпачываць людзі ў любым стане здароўя?

Не заўжды даступнасць такіх месцаў вымяраецца ступенню выкананасці дзяржаўнай праграмы “Безбар’ернае асяроддзе”. Як пераадолець цяжкасці і стэрэатыпы ў камунікацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі і без іх?  Хто зруйнуе бар’еры паміж намі?

Гаворка пра гэта пойдзе на дыскусійнай пляцоўцы, да ўдзелу ў якой запрошаны людзі з абмежаванымі магчымасцямі, іх бацькі і апекуны, сябры “Асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў”, “Гродзенскага дзіцячага хоспіса”, ініцыятыўнай групы “Крок насустрач”, эксперты “Офіса па правах людзей з інваліднасцю”, журналісты.

Хрысціна Марчук, каардынатар дыскусійнай пляцоўкі:

Тэма актуальная, балючая.

Усім вядома, што безбар’ернага асяроддзя ў нас фактычна няма: пандусаў, спецыяльных ліфтаў, аўтобусаў, інфраструктуры, прыстасаванай  для людзей з фізічнымі абмежаваннямі.

Ці вялікі выбар месцаў працы для гэтых людзей? Вырашэнне гэтых пытанняў перадусім залежыць ад дзяржавы, бізнеса, а што мы, звычайныя людзі?

Я пачала думаць, размаўляць з экспертамі і зразумела, што ад звычайных людзей таксама шмат залежыць, каб людзі з фізічнымі абмежаваннямі адчувалі сябе камфортна.

Вельмі важна, каб кожны з нас ведаў, чым мы можам быць карыснымі адзін аднаму.

Падчас мерапрыемства можна будзе даведацца пра інтэграцыйныя гурткі, курсы, месцы працы і вучобы ў Гродне, дзе могуць праводзіць час і самарэалізоўвацца людзі з рознымі фізічнымі асаблівасцямі.

Мадэратар дыскусіі – эксперт “Офіса па правах людзей з інваліднасцю” Галіна Крот. Мерапрыемства адкрыта для ўсіх зацікаўленых.

Заяўкі. Ахвотныя паўдзельнічаць могуць заяўляцца па адрасе 3sektar@gmail.com альбо па тэлефоне 8029 7843221.

Адрас: вул.Будзёнага, 48а-100.

Пачатак у 18 гадзін.

www.ampby.org праз www.3sektar.by

Аўтар: Насця

Каментары