Першыя і сапраўдныя сацыял-дэмакратычныя госці адбыліся. Якая розніца паміж «левымі», «правымі» і «цэнтрыстамі», чаму Katy Perry спявае пра Маркса і якая садавіна самая крэатыўная? Незвычайныя гульні, конкурсы, неверагодныя адказы і фота далей.
«Бярэм па аркушыку, разрываем напапалам. На адной палове пішам імя, на другой – прозвішча, і здаём мне». Гэта не перапіс насельніцтва, гэта галерэя Арт Сядзіба і пілотны праект ampby.org «Ідзем у госці».
У фірмовую торбу імёны збірае Сіна (усмешка на ўвесь твар, цішортка з надпісам «Маё сэрца злева») – прадстаўнік «Маладых сацыял-дэмакратаў – Маладая Грамада», да якіх мы з чытачамі і завіталі ў госці.
Кожны наўгад выцягвае па дзве паперкі і без слоў павінен адшукаць сваё імя і прозвішча. Праз некалькі хвілін мычання ўсе ўжо і знаёмыя. Пераходзім да тэарэтычнай часткі, якую выкладае Маша. Яе стаж ў арганізацыі – 11 гадоў, а таму пра сацыял-дэмакратыю яна ведае ўсё. Тлумачыць на пальцах тэарэтычныя асновы гасцям так, як распавядае звычайна патэнцыйным членам сваёй арганізацыі.
Асноўныя каштоўнасці сацдэмаў – свабода, роўнасць, салідарнасць. Прычым гэта не такая свабода, як у лібералаў. Лібералы ўпэўнены, што чалавек павінен быць вольным ад грамадства і большасці, а сацдэмы не ўяўляюць чалавека без грамадства. Тут і салідарнасць падключаецца. Да прыкладу, людзі ведаюць, што могуць выйсці на забастоўку разам – данесці меркаванне, але не атрымаць «па шапцы», бо выйшлі ўсе.
Справа ад мяне ціхае незадаволенае мармытанне. Гэта кансерватары, як я даведваюся на перапынку, папіваючы гарбатку з іх старшынёй Пятром. Хлопцы прадстаўляюць кансерватыўную навуковую арганізацыю «Номас». Яны пастаянна наведваюць мерапрыемствы, якія могуць стаць дыялогавымі пляцоўкамі для прадстаўнікоў розных ідэалагічных плыняў. Праўда, дыялог яны вядуць у асноўным паміж сабой, ігнаруючы мае гнеўныя погляды.
Кажуць у голас толькі падчас віктарыны. На якой вуліцы была абвешчана БНР і які міжнародны сімвал сацдэмаў? Тыя, хто ўважліва слухалі лектара, ўносяць фірмовыя цішорткі ў фірмовых торбах. Вось каб і ва ўніверах так!
На пару хвілін Арт Сядзіба ператвараецца ў кіналекторый – сядзім, ўтаропіўшыся ў прасціну, на якой фільмец пра МСД-МГ. Вяселенькія фотачкі пад вясёленькую мелодыю Katy Perry, якая чамусьці спявае дурным голасам «I’ve read some Marks, I liked it» і я не разумею, здалося ці не, бо смяюся я адна.
Паказваюць акцыі, летнікі, трэнінгі і воркшопы. На скептычныя выракі, маўляў, ну і дзе палітыка, дзе змагарства, парыруюць, што МСД-МГ – гэта не моладзевае крыло палітычнай партыі, а моладзевая арганізацыя і функцыя ў іх больш асветніцкая і адукацыйная. «Я б хацела, каб ў арганізацыю прыходзіла больш моладзі, бо зараз большасці яе членаў за 25», – дзеліцца Маша пасля мерапрыемства.
Тым часам Сіна дзеліць народ на каманды ананасаў, персікаў і ківі. Кожная «садавінная» каманда павінна за 15 хвілін намаляваць сацыял-дэмакратам новы прынт на цішортку і прыдумаць слоган. Удзельнікі жартуюць пра аўтарскія правы, пэцкаюцца фломзікамі і займаюцца шпіянажам. Адна каманда нават скручвае сапраўдную кашульку з ватмана: надпіс МСД-МГ у знакамітай стылістыцы I love NY і сэрца ў форме ружы. Ці знак «бясконцасці», на скрыжаванні якога таксама сацдэмаўская ружа.
Ці футболка толькі з левым, чырвоным рукавом. Пасля сустрэчы маладыя сацдэмы рупліва забіраюць малюнкі з сабой – рэалізоўваць.
Экспрэс-аповяд пра сацыял-дэмакратыю ў беларускім варыянце прыходзіць да фініша, народ дзеліцца пачуццямі. Спярша лайтовенька дзякуе, ўхваляе, кажа, што клёва, калі сутыкаюцца розныя палітычныя плыні. На што кансерватары кранальна жадаюць Маладым сацыял-дэмакратам «згарэць у пекле». Маё сэрца аддадзена ім назаўсёды.
Удзельнікі жадаюць адзін аднаму (ці адна адной – вучаць сацыял-дэмакраты гендэрнай роўнасці) быць поўнымі энтузіязму (бо гэта ён, радзімы, рухае нас і нашы арганізацыі наперад) і ўрэшце пачутымі. Кажуць, што такія сустрэчы вельмі карысныя, бо дапамагаюць зразумець і вызначыцца хто ты, да каго можаш далучыцца, каб выразіць сябе.
«Ладзьце такія сустрэчы і далей, а мы будзем хадзіць. Таму што заўсёды павінны быць выбар», – кажа адзін з удзельнікаў напрыканцы сустрэчы. Хочацца падскочыць да рэдактара і даць «пяць» – атрымалася!
Маладыя-сацыял-дэмакраты – Маладая Грамада (МСД-МГ) аб’ядноўваюць вакол сябе актыўную моладзь, якая падтрымлівае каштоўнасці дэмакратыі, свабоды, роўнасці і салідарнасці. А таксама тых, хто любіць файна бавіць час, адукоўвацца ды вандраваць.
Ідэя рубрыкі «Ідзем у госці» – пазнаёміць беларускую моладзь з беларускімі моладзевымі арганізацыямі і ініцыятывамі.
Хочаце ў госці на гарбатку з пячэнькай? Пішыце ў каментах да артыкула, на facebook, vk і twitter альбо на editor@ampby.org да якой арганізацыі ці ініцыятывы вы жадаеце завітаць альбо запрасіць да сябе. А мы абавязкова дапаможам ажыццявіць гэта!
ПОЎНЫ ФОТАРЭПОРТ: FACEBOOK і ВКОНТАКТЕ.
Настасся Ероха
Фота Andrei Shavlugo
