Сапраўдныя беларускія рэканструктары: хто яны і на што гатовы
Твітнуць
Вы ведалі, што ў Беларусі існуе сапраўдны сярэднявечны рыцарскі замак з тавернай, рысталішчам, шатрамі і высакароднымі рыцарамі? Ягоныя стваральнікі – прадстаўнікі аднаго з буйнейшых клубаў рэканструкцыі на Беларусі – сёння ў нас у гасцях.
Мець свой рыцарскі замак – мара маленькіх хлопчыкаў, якія ўяўляюць сябе рыцарамі? Як апынулася, не зусім, а дакладней, ня толькі.
Ля Астрашыцкага гарадка пад Мінскам ёсьць будынак, які раней належыў «Беларускаму саюзу тэатральных дзеячаў». А зараз у будынку месьціцца гісторыка-культурны цэнтр “Рыцарскі Замак”. Нягледзячы на тое, што ён функцыянуе як гатэль, у ім праходзяць і рыцарскія турніры.
Адным з ініцыятараў стварэньня праекта з’яўляецца Ордэн Паўночнага Храму, з боку якога праектам кіруе Дзмітры Нясцюк, магістр Ордэну.
Існуе Ордэн Паўночнага Храму. І Вы яго заснавальнік. Калі і як ён узьнік?
Мы ўтварыліся як рыцарскі клуб яшчэ ў 1994 годзе. У 1999 вырашылі, што трэба адысці ад першапачатковай канцэпцыі, пачалі займацца менавіта рэканструкцыяй ордэну тампліераў.
А першапачатковай канцэпцыяй была...?
Тады на Беларусі не было ніякіх клубаў, не было ні матэрыялаў, ні сеціва, ні асабліва кампутараў. Мы шылі касьцюмы па кнігах з ілюстрацыямі Гюстава Дарэ, ілюстрацый 19 стагоддзя. Канцэпцыя Ордэну – тады ён называўся Ордэн Сэрца Дракона – была заснаваная на дабрародным рыцарстве, тым сьвеце, які мы хацелі стварыць.
А пасьля вы заняліся чымсьці больш комплексным?
І зараз таксама. Многія клубы займаюцца living history – шыюць сабе касьцюмы, робяць шатры, доўга-доўга, уручную вырабляючы тканіны.
У нас усё прасьцей, але мы намагаемся рабіць гэта больш масава. Можа быць, у гэтым наш мінус, але, мне падаецца, у гэтым наш плюс. Да нас цягнецца зараз шмат людзей, існуе шмат аддзяленьняў нашага клубу, якія два разы на год зьбіраюцца на нашым рыцарскім фестывалі “Белы Замак” у сакавіку і жніўні. Дарэчы, наступны фэст пройдзе 16-18 сакавіка 2012 года.
Мы нікога не заганяем да сябе
Скажыце, дзе ёсьць аддзяленьні клубу на Беларусі і ці толькі на Беларусі?
У Беларусі: у Менску, Віцебску, Полацку, Магілёве, Навагрудку. Па Расеі вельмі шмат аддзяленьняў, у Польшчы два, у Літве таксама. Людзі за мяжой самі знайшліся і самі сказалі, што жадаюць далучыцца. Так звычайна і адбываецца. Мы нікога не заганяем да сябе.
Увогуле рэканструкцыяй чалавек займаецца па загадзе сэрца. У нашым Статуце запісана: калі чалавек расчараваўся ў Ордэне, ён вольны ўстаць і выйсьці за дзьверы.
Колькі чалавек
Я не думаю, што гэта магчыма падлічыць. Рэканструкцыя – рух, у якім вялікая цякучка. Існуе касьцяк – людзі, якія прыходзяць і займаюцца гэтым усё жыцьцё. Такі чалавек адразу бачны, ён цэльны і адразу ведае, што жадае атрымаць: быць рыцарам, лучнікам, уяўляе, што ён можа даць нашаму Ордэну.
А гэтае месца, Рыцарскі Замак, як яно зьвязанае з Ордэнам?
Гэта наш Замак. Ён, праўда, не зусім падобны да замку. Але з часам ён прыходзіць у такі стан.
Як у вас атрымалася такое стварыць?
Ну, гэта не ў нас. Гэта будавалі ў савецкія часы. Саюз тэатральных дзеячаў, зь якімі мы зараз стварылі супольны праект. Гэты будынак стаяў напаўзакінуты, пакуль не зьявіліся мы.
Да праекту мы рыхтаваліся 10 год. Патрэбна спачатку было зрабіць канцэпцыю, прыдумаць, пасьля распісаць усё, зразумець, чаго мы жадаем. Знайсьці месца, дакументальна і юрыдычна аформіць. Працэс няхуткі. Нешта мы рабілі ў сакрэтным рэжыме, бо не жадалі, каб нехта ведаў. Часта бывае, што многія праекты, у тым ліку і нашыя, развальваліся на стадыі 30-40-50 %, таму мы вырашылі да часу не казаць нічога.
Я б ніколі ў жыцьці не кінуў мыцца на месяц, каб адчуць сябе спраўдным рэканструктарам
Як вы лічыце, тыя людзі, каго вы называеце касьцяком, наколькі яны адрозьніваюцца ад тых, хто не займаецца ў рыцарскіх клубах?
Яны ня зусім ўпісваюцца ў соцыюм, у стандартныя рамкі, якія праграмуюць нас з дзяцінства. Нам кажуць: вучыся ў школе, скончы інстытут, ажаніся, завядзі дзяцей і ўнукаў, знайдзі добрую працу, зарабі на пенсію, памры варта. І чалавек жыве ў межах гэтай праграмы. Дзеці нават не задаюцца пытаньнем, навошта. Як навошта? Мама ж сказала.
Мы самі ствараем свой сьвет. І вось гэта нас адрозьнівае ад астатніх.
Мы ні ў якім разе не вар’яты, мы карыстаемся ўсімі дабротамі сучаснай цывілізацыі. Я б ніколі ў жыцьці не кінуў мыцца на месяц, каб адчуць сябе сапраўдным рэканструктарам. Але паколькі тое, чым мы займаемся, зьяўляецца вельмі творчым, мы дазваляем сабе жыць не як усе. У чымсьці мы сябе адчуваем багацейшымі. Духоўна. Таму што залежаць ці не залежаць ад соцыюму – дзьве розныя рэчы. Мы крыху з гэтай залежнасьці выйшлі.
Канечне, сістэма ўсё адно знойдзе цябе. Мы жывём у дзяржаве, і мы мусім плаціць падаткі, даваць справаздачы. І мы гэта ўсё робім, а ва ўсім астатнім нас ніхто не абмяжоўвае.
Вялікі плюс і шчасьце, што мы жывем у Беларусі
Я так мяркую, пажыўшы два гады ў Расеі. У Расеі, напрыклад, я маю умоўны тэрмін за нашэньне і захоўваньне рыцарскага мяча. У Беларусі ніколі ў жыцьці нават самаму дурному міліцыянеру не прыйшло б у галаву арыштаваць рэканструктара. Вось таму беларуская рэканструкцыя вельмі адрозьніваецца ад усіх астатніх. Яна самабытная. Тут лягчэй гэтым займацца.
Калі хлопцы з Расеі даведваюцца, што ў нас тут цэлы будынак, яны пытаюць: мільёны даляраў хіба знайшлі? Я кажу: ды не, усё праз дзяржаву.
Гэта вам добра, вы ў Беларусі, у нас такога няма. А адкаты? Ды не, нікому не давалі адкаты. Як – нікому не давалі?
Гутарыла Ганна Валынец.
Раім таксама прачытаць: Рэканструкцыя: іншы свет побач з намі.
Падзяліся з сябрамі ў сацыяльных сетках
Цэтлікі: гісторыя, моладзь, рэканструкцыя




























