Яся Каралевіч-Картэль: «Трэба рабіць лепей, чым было да вас»
ТвітнуцьТабе 20 з «хвосцікам» і ты думаеш казаць пра свае дасягненні рана? Табе падаецца ў нашай краіне шмат бюракратыі і «шэрасці»? Наша гераіня распавядзе, як правесці міжнародны фэст, працаваць арт-дырэктарам культавага бара і рэалізаваць патэнцыял у грамадскіх арганізацыях.
Часта чуеш ад сваіх аднагодак, што ў Беларусі няма чаго рабіць маладому актыўнаму чалавеку. Асабліва, калі гэта тычыцца сферы культуры. Што немагчыма удзельнічаць ў стварэнні культурнай падзеі, прыдумаць нешта сваё і рэалізаваць: занадта шмат перашкодаў, бюракратыі і непаразумення. Калі і вы думаеце такім чынам, гэтае інтэрв’ю для вас!
Сустракайце: наша суразмоўца Яся Каралевіч-Картэль!
Ёй 22 гады і за гэты час Яся паспела ўзяць удзел у правядзенні міжнароднага кінафестывалю, папрацаваць у многіх грамадскіх арганізацыях і праектах, супрацоўнічаць з медыя-парталам і нават атрымаць у сваёй працоўнай запіс «арт-дырэктар» аднаго з культавых мінскіх бараў.
Мэты, вопыт, філасофія
— Яся, у цябе так насычана прайшлі 22 гады жыцця, з такім багатым рэзюмэ ці адчуваеш ты сябе чалавекам, які рэалізуе свой творчы патэнцыял на 100%?
— Я пачала патрошку працаваць прыкладна ў той час, як паступіла ва ўнівер. У асноўным гэта было звязана з беларускімі грамадскімі арганізацыямі, сферай грамадзянскай адукацыі.
Мне падаецца, што гэта не зусім дакладнае абазначэнне – рэалізаваць свой творчы патэнцыял. Праца звычайна звязана са знешнімі мэтамі, да якіх ты імкнешся: нешта палепшыць вакол сябе, паказаць, што можна працаваць на іншым ўзроўні, зрабіць новае і лепшае. І калі размаўляць пра гэта – так, менавіта гэтым я зараз і займаюся. Здаецца, нават раз-пораз паспяхова.
— Распавядзі, калі ласка, пра самыя значныя для цябе падзеі
— Калі казаць пра нешта больш-менш бачнае з апошняга часу, да чаго я мела дачыненне – то цудоўным атрымаўся фестываль польскага кіно Мувім у Мінску, дзе я з боку 34mag.net выступала ў якасці PR-мэнэджэру фэста. У нас былі даволі простыя мэты – паказаць у Мінску культавае польскае кіно розных эпох, якога да таго у Беларусі не бачылі. Мы пераклалі на беларускую мову фільмы, якія у Польшчы былі папулярнымі ў 80-ыя, 90-ыя і нулявыя – так званую сярэднюю плынь.
Правядзенне такога кшталту фестываляў у першую чаргу дае нам магчымасць паглядзець на тое, як нейкія культурныя працэсы ідуць у іншых краінах, як там здымаюць кіно, што з гэтага кіно ў трэндзе, ці што там ёсць падобнага да нас.
Яшчэ больш бачным, але ўжо, на жаль, знікшым праектам быў бар Малако. Кампанія за Альтэрнатыўную грамадзянскую службу, адным з ініцыятараў якой я была, таксама добра стартавала, але пакуль, на жаль, мы не дабіліся асноўнай сваёй мэты – прыняцця закону аб альтэрнатыўнай службе. З актуальнага можна яшчэ назваць праграму Лятучага Універсітэта.
«Не можа быць закрытых прастораў для супрацоўніцтва»
— Што дапамагае табе быць паспяховай?
— Важна дакладна разумець, чаго ты хочаш, бачыць мэту і шляхі яе спаўнення. У такім выпадку неяк прасцей мірыцца з магчымымі паразамі, шукаць новыя шляхі і захады ці новыя кантакты. Вельмі важна быць часткай добрай каманды і мець кантакты з цікавымі людзьмі – заўсёды ёсць шанец, што вам дапамогуць. Ну і трэба ўмець сказаць сабе – гэта было не вельмі, я памыліўся вось тут і тут, наступным разам трэба будзе зрабіць па-іншаму. Гэта, відаць, можна назваць вопытам.
— Як самарэалізавацца на міжнародным узроўні, ці ёсць нейкі сакрэт паспяховасці?
— Мне падаецца, што няма і не можа быць закрытых прастораў для супрацоўніцтва – проста можна недастаткова старацца ці недастаткова шчыльна працаваць на свае мэты. А калі ёсць мэта, жаданне і сілы – усё магчыма. І агромністая колькасць мерапрыемстваў, праведзеных у Беларусі пры падтрымцы замежнікаў, гэта пацвярджае. У наш час наогул даволі цяжка казаць пра лакальны ўзровень творцаў – то бок, у час, калі ты можаш сядзець дома на стуле са шведскай ікеі, есці кітайскую ежу з суседняй забягалаўкі, і глядзець, ну… скажам, відос з Афрыкі – арыентавацца на лакальнасць ужо не мае асаблівага сэнсу. Міжнародны ўзровень задае планку якасці, да якой трэба ісці, і калі ты гэтага не робіш, то, магчыма, гэта не будзе цікава і тут.
«Падняць дупу і пачаць корпацца»
— Што ты параіш маладому творчаму чалавеку, які шукае свае месца, сваю нішу? Як знайсці яе тут, ў Беларусі?
— Ну, відаць трэба перастаць заганяцца наконт таго, што дзесьці прасцей, падняць дупу і пачаць корпацца ў тым, чым табе б хацелася займацца. Ну і дакладна, размаўляць пра мары – гэта канечне добра, але калі толькі размаўляць – нічога, відавочна, не адбудзецца. Трэба рабіць лепей, чым было да вас – па якасці гука ці карцінкі, па узроўню арганізацыі ці іншым – каб станавілася ясна, што ўсе магчыма, і што за вамі сіла:) Не ныць, што нічога немагчыма, а пачынаць з сябе. Гэта ж самае важнае – рабіць простыя крокі па паляпшэнню свету вакол сябе.
Гутарыла Алена Крушэўская.
Падзяліся з сябрамі ў сацыяльных сетках
Цэтлікі: грамадзянская супольнасць, лідар, моладзь, Яся Каралевіч-Картэль











