Святочнае віншаванне ад Гродзенскага дзіцячага хоспіса: «Хочацца, каб хворых дзяцей было менш»
Твітнуць
Не сакрэт, што ў святочны час людзі робяцца больш лагодныя адзін да аднаго, узнікае жаданне дапамагаць слабым і хворым. Гэтае віншаванне ад тых, для каго дапамога слабым і хворым – справа ўсяго жыцця, а не толькі году і святочнага перыяду. Што яны жадаюць, пра што мараць і чым ганарацца? Чытай далей.
Альтэрнатыўная моладзевая платформа распытала дырэктара грамадскай дабрачыннай арганізацыі «Гродзенскі дзіцячы хоспіс» Вольгу Шульгу пра самыя яскравыя падзеі ў жыцці арганізацыі, планы і пажаданні на 2012 год.
– Што найбольш істотнага, паспяховага, цікавага здзейсніла Ваша арганізацыя ў мінулым 2011 годзе?
Вольга Шульга. – Гэты год быў цікавы двума праектамі. Першы – Міні-тэатр для грамадства. Мэтай гэтага праекту было павысіць сацыяльную адаптацыю і асабістае развіццё дзяцей з інваліднасцю. У адной групе былі як дзеці з інваліднасцю, так і здаровыя дзеці. З дапамогай методыкі форум-тэатра была аказана дапамога дзецям з абмежаванымі магчымасцямі сацыялізавацца ў грамадстве. Вынік з гэтага праекту мы ацэньваем як станоўчы – у нас атрымалася не толькі дапамагчы асобным дзецям, але і стварыць метадычны дапаможнік для спецыялістаў, якія працуюць з дзецьмі з інваліднасцю. Так званым пазавынікам можна лічыць тое, што спецыялісты горада Гродна ахвотна адгукнуліся супрацоўнічаць. Зараз мы плануем наступны крок – зрабіць праект, каб усе напрацоўкі па праекце перадаць спецыялістам з Міністэрства адукацыі г. Гродна.
Другі праект накіраваны на бацькоў дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Мэтай праекту з’яўлялася развіццё патэнцыялу бацькоў дзяцей з інваліднасцю, паляпшэнне якасці жыцця сем’яў, якія маюць дзяцей з інваліднасцю шляхам адукацыі бацькоў, фарміравання нармальных адносін з дзецьмі. Часам погляды спецыялістаў на ролю ў грамадстве і вызначэнне дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі не супадаюць з поглядам бацькоў, якія маюць такіх дзяцей. Мы хацелі б стварыць бацькоўскі камітэт, прадстаўнікі якога ўвайшлі б у камітэт Гарвыканкама. Гэта дапаможа рэалізаваць плённы дыялог з дзяржавай па гэтых пытаннях.
Дзеля павышэння адукацыі бацькоў мы ўжо правялі шэраг семінараў і трэнінгаў па асабістым развіцці, якаснай працы ў камандзе і арганізацыі каманд. Мы хацелі б павысіць агульны ўзровень ведаў – дапоўніць тое, што ёсць і навучыць таму, чаго яшчэ не вядома.
Акрамя праектаў, штогод, на Вялікдзень і на Дзень правоў дзіцяці, мы робім дабрачынныя акцыі. Ў гэтым годзе валанцёры рабілі сувеніры і паштоўкі, грошы ад продажу якіх дазволілі правесці свята для бацькоў і дзяцей у адной з аграсядзіб Гродзеншчыны. На жаль, мерапрыемствы для сем’яў, якія маюць дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, праводзяцца не так часта...
– Як працаваць з сем’ямі, дзе ёсць дзеці з інваліднасцю? Ці лёгка бацькі з такіх сем’яў ідуць на кантакт, здольныя падзяліцца сваёй бядой?
– Ёсць такія бацькі, што лёгка ідуць на кантакт, а ёсць і тыя, што не жадаюць...Сённяшняе грамадства не гатова ў поўным аб’ёме ўспрымаць такіх дзяцей.
– Акрамя агульных вынікаў, Вашыя праекты дапамагаюць канкрэтным дзецям з канкрэтных сем’яў. Ці можаце Вы распавесці пра адзін з такіх прыкладаў?
– Напрыклад, у праекце «Форум-тэатр для грамадства» удзельнічаў падлетак (16 год) хворы на аўтызм, які ніколі не выходзіў з дому адзін. Праект даў магчымасць зразумець, ці можа гэты хлопец выходзіць на вуліцу адзін, без маці ездзіць у транспарце. Зараз ён самастойна ходзіць у крамы, ездзіць у грамадскім транспарце. Для гэтай сем’і праект з’явіўся вельмі паспяховым.
– Якія ў Вас планы і мары на наступны год?
– Мы плануем працягваць нашу працу па паляпшэнню якасці жыцця. Хочацца, каб хворых дзяцей было менш, каб бацькі не ведалі, што такое хворы дзіцёнак.
– Што б Вы маглі пажадаць моладзі ў надыйшоўшым 2012 годзе?
– Хочацца, каб праблемы, якія ў мінулым годзе былі, так ў ім і заставаліся б. Усё ж добрае хай пераходзіць ў новы год і ў шмат разоў памножыцца.
Каб ў моладзі было больш магчымасцяў, здароўя, былі больш салідарныя адзін з адным і разумелі адзін аднаго.
Вітанне нашае вам і нізкі паклон,
І гэтай цудоўнай парою
Вам казачных сноў мы жадаем, і дзён,
Спакою ў душы і настрою.
Здароўя і шчасця каб вам пра запас,
Не ведаць пра сум і нягоды,
Вітаем са святам шчыра мы вас,
З Хрыстовым Раством, з Новым Годам!
Хай ціха плывуць ад сяла да сяла
Над Божымі храмамі звоны,
І каб Беларусь наша вечна жыла,
І мела і cлаву, і гонар.
Альтэрнатыўная моладзевае платформа таксама віншуе сваіх чытачоў з Калядамі і Новым годам! Зычым багацця, здароўя, дабрабыту і новых уражанняў, якія неўзабаве прыйдуць!
І гэта яшчэ не ўсё! Мы падрыхтавалі для цябе спецыяльную віншавальную паштоўку і сабралі віншаванні ад беларускіх моладзевых арганізацый. Глядзі, чытай, каментуй на нашай спецыяльнай віншавальнай старонцы! Далучайся да нас у facebook і twitter.
А таксама дзяліся сваімі ўражаннямі і віншаваннямі ў каментарыях да артыкула.
Падзяліся з сябрамі ў сацыяльных сетках
Цэтлікі: 2012, Гродзенскі дзіцячы хоспіс, дзеці, Каляды, моладзь, Новы Год, святы












