Праваахоўныя органы «віншуюць» актывістаў моладзевых арганізацый Беларусі з Новым Годам
Твітнуць
Звычайна «віншаванне» пачынаецца на кватэры актывіста, а працягваецца ў адным з РУУСаў альбо КДБ. Аднак вынікі такіх віншаванняў несуцяшальныя: некаторым з актывістаў прыйдзецца святкаваць Новы Год «на сутках».
На дадзены момант вядома пра 6 затрыманняў.
Апошняе з іх адбылося раніцай 31 снежня на кватэры актывіста прафсаюзнай групы «Студэнцкая Рада» Алеся Крата. Ён быў дастаўлены прадстаўнікамі праваахоўных органаў у Кастрычніцкі РУУСе для «гутаркі». Гэта паведаміў дзяжурны РУУСа, перадае сайт Студэнцкай Рады.
29 снежня быў затрыманы моладзевы актывіст Андрусь Крэчка, а таксама адзін з кіраўнікоў «Маладых дэмакратаў» Аляксандр Сцепаненка. Абодвум прысудзілі 5 сутак адміністрацыйнага арышту за дробнае хуліганства – «лаянку матам», паведамляе сайт Праваабарончага цэнтра «Вясна».
30 снежня ў Гомель быў затрыманы актывіст руху «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» Зьміцер Шаўчэнка. Праз некалькі гадзін яго асудзілі ў судзе Чыгуначнага раёна Гомеля за парушэньне парадку арганізацыі альбо правядзеньня масавага мерапрыемства (арт. 23.34 КаАП).
Актывіста кампаніі «Гавары праўду» Паўла Вінаградава 30 сьнежня запрасілі ў міліцыю на выхаваўча-прафілактычную гутарку. Аднак з РУУСа яго адразу ж накіравалі ў суд Маскоўскага раёна, абвінаваціўшы ў дробным хуліганстве. Паколькі суд ужо не працаваў, Вінаградава адвезлі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Суд адбудзецца 2 студзеня.
Таксама 30 снежня быў затрыманы і кіраўнік “Маладых дэмакратаў” Алег Корбан. Ён быў дастаўлены ў КДБ, дзе яго апыталі наконт плануемай акцыі каля галоўнай ёлкі краіны, дзе моладзь збіраецца гучна вітаць Шанхайскую арганізацыю па супрацоўніцтву (ШОС) замест выступу кіраўніка дзяржавы. Пасля допыту Алег Корбан быў вызвалены.
Падзяліся з сябрамі ў сацыяльных сетках
Цэтлікі: затрыманні, моладзевыя аб'яднанні, моладзь












