Маеш праблему - накатай цялегу

ГісторыяНавіны

Моладзь і дзяржава: рэтраспектыва адносін

Рэдактар: Міхась | 30.06.2011 a 15:29

Дзень моладзі ў Беларусі святкуецца па савецкай традыцыі ў апошнюю нядзелю чэрвеня (26 чэрвеня ў бягучым годзе). У Мінску маладзёнам прапанавалі наведаць канцэрт і спартовыя мерапрыемствы ў парку Горкага. А ў сераду 29 чэрвеня яшчэ і адзначыць здачу сэсіі канцэртам на Кастрычніцкай плошчы. Аднак моладзь гэта не толькі канцэрты і спорт, а гэта таксама аб’яднанні па інтарэсах і дзяржаўная моладзевая палітыка. Чытайце далей рэтраспектыву ў адносіны моладзі і дзяржавы, падрыхтаваную Альтэрнатыўнай Моладзевай Платформай.

«Ты помнишь, как всё начиналось…»

На пачатку 90-ых, пасля набыцця суверэнітэту, у Беларусі для каардынацыі дзейнасці моладзевых арганізацыі іх лідарамі быў створаны круглы стол, а пасля «парасонавая» арганізацыя моладзевых аб’яднанняў (Усебеларуская нацыянальная рада моладзевых арганізацый, альбо скарочана Нацыянальная рада).

У той жа час з ў Парламенце ствараецца камісія па справах моладзі. У 1992 годзе ствараецца Камітэт па справах моладзі пры Савеце міністраў, які павінен быў забяспечыць кіраванне ў сферы моладзевай палітыкі. Да верасня 1994 г. у Беларусі створаны 92 структурныя падраздзяленні Камітэта. Важная заўвага: ад пачатку Камітэт меў статус юрыдычнай асобы з правам рэгулявання адносін ад свайго імя. Праз некалькі гадоў ён будзе пазбаўлены гэтага права, а пасля і статуса юрыдычнай асобы.

У першыя гады незалежнасці прыняты шэраг важных дакументаў. У 1992 годзе прымаецца Закон «Аб агульных пачатках дзяржаўнай моладзевай палітыкі», а пасля выходзіць Пастанова Саўміна пра стварэнне рэспубліканскі і раённых моладзевых фондаў.

Таксама ў гэты час праходзяць сустрэчы моладзевых лідараў і прадстаўнікоў дзяржавы. У красавіку 1994 на сустрэчы Старшыні Саўміна Кебіча і прадстаўнікоў Нацыянальнай Рады былі дасягнуты важныя дамоўленасці пра заканадаўчую і матэрыяльную падтрымку дзяржавай развіцця моладзевага руху ў Беларусі.

У той час нават прапрацоўвалася пытанне стварэння Міністэрства па справах моладзі і сям’і. Аднак прыняццё адпаведнага праекта Саўміна было прытарможана ў сувязі з прэзідэнцкімі выбарамі.

 

«Вот, новый поворот…»

Пасля першых прэзідэнцкі выбараў фактычна пачынаецца дэградацыя моладзевай палітыкі. У верасні 1994 новаабраны прэзідэнт падпісвае ўказ №122, якім Камітэт па справах моладзі пры Саўміне перападначальваецца Міністэрству адукацыі і навукі і пазбаўляецца права рэгулявання адносін ад свайго імя.

З канца 1994 года Мінадукацыі і Камітэт па справах моладзі рыхтуюць указ прэзідэнта «Аб першачарговых мерах у галіне дзяржаўнай моладзевай палітыкі». Адным з пунктаў праекта ўказа, як ні дзіўна, значыцца прапанова вярнуць Камітэт у падначаленне Савета Міністраў. Аднак у верасні 1995 года, пасля вяртання праекта на дапрацоўку, гэты пункт знік.

Цягам 1995 года створаны структуры па працы з моладдзю ў абласных, гарадскіх і раённых выканкамах. У адміністрацыях гарадоў адбылося зліццё аддзелаў па культуры і аддзелаў па справах моладзі ў адзіныя аддзелы па культуры і справах моладзі.

У канцы 1995 адбываюцца давыбары ў склад Вярхоўнага Савета і функцыі камісіі па справах моладзі перадаюцца адпаведнай падкамісіі.

Усе гэтыя меры прымусілі моладзевых лідараў канстатаваць адсутнасць прагрэсу ва ўзаемаадносінах паміж моладзевымі арганізацыямі і дзяржавай. Дадзеная пазіцыя была засведчана Моладзевым форумам «Дыялог дзеля будучыні», які адбыўся па ініцыятыве Нацыянальнай Рады ў студзені 1996 г.

У выніковай рэзалюцыі прызнавалася «непрадуманасць дзяржаўнай моладзевай палітыкі, слабасць моладзевага руху ў рэспубліцы, адсутнасць дыялогу па лініі “моладзь – дзяржава”». Форум таксама звярнуўся з цэлым шэрагам прапаноў да прэзідэнта, урада і парламента Беларусі.

 

«Беларуская Вясна»

Так прынята называць 1996 год, калі адбываліся значныя падзеі ў палітычным і сацыяльным жыцці. Не засталася ў баку ад гэтага і моладзь. Першыя буйныя выступы пачаліся 15 сакавіка ў Дзень Канстытуцыі. Працягнуліся 25 сакавіка ў гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, 2 красавіка ў дзень падпісання саюзнай дамовы Расіі і Беларусі. Пасля быў Чарнобыльскі шлях 26 красавіка. А заключным акордам можна назваць Дзень дэкларацыі незалежнасці 27 ліпеня.

Улада рашуча адрэагавала на ўсплёск пратэстаў не толькі разгонам акцый, але і ціскам на моладзь, як найбольш актыўнага ўдзельніка гэтых падзеяў.

17 чэрвеня 1996 г. прэзідэнт заклікаў лідараў моладзевых арганізацый і супрацоўнікаў дзяржаўных структур па працы з моладдзю стварыць адзіную агульнарэспубліканскую моладзевую арганізацыю. Гэты ж заклік быў паўтораны ім на форуме «Моладзь Беларусі за прагрэс і стабільнасць», які адбыўся 20-21 верасня 1996 г. у Мінску.

 

Мэта адзінай моладзевай арганізацыі – «кіраванне моладзевым рухам Беларусі»

Новая арганізацыя будзе называцца Беларускі патрыятычны саюз моладзі (БПСМ).

16 студзеня 1997 года праект стварэння адзінай моладзевай арганізацыі быў зацверджаны. Мэта новай арганізацыі ні многа ні мала – кіраванне моладзевым рухам Беларусі.

Аб’ядноўваць прапаноўвалася арганізацыі, якія стаяць «на пазіцыях канструктыўнай падтрымкі дзяржаўнай моладзевай палітыкі». Адказнасць за стварэнне арганізацыйных структур новага аб’яднання ўскладалася на чыноўнікаў – старшыняў выканкамаў.

Аднак стварыць адзіную моладзевую арганізацыю аказалася не так проста.

5-6 красавіка 1997 г. высілкамі Нацыянальнай рады і Камітэта па справах моладзі быў праведзены ўстаноўчы з’езд Беларускага нацыянальнага савета моладзевых і дзіцячых арганізацый (РАДА). «Парасонавае» аб’яднанне з 18 рэспубліканскіх моладзевых грамадскіх арганізацый засведчыла немагчымасць стварэння ў рэспубліцы адзінай безальтэрнатыўнай дзяржаўна-моладзевай арганізацыі.

Праз паўтары месяцы, 21-22 мая 1997 г., прайшоў устаноўчы з’езд БПСМ. Прызнаўшы няздольнасць паглынуць тую аргструктуру беларускага моладзевага руху, якая ўжо склалася, стваральнікі БПСМ унеслі ў яго статут змены, ліквідаваўшы членства ў арганізацыі юрыдычных асоб.

Аднак далейшыя спробы моладзевых арганізацый і Камітэта па справах моладзі процідзейнічаць манапалізацыі і кантролю над моладзевым рухам у краіне мелі больш сціплыя вынікі.

 

БПСМ + БСМ = БРСМ

Наступным крокам умацавання пазіцый дзяржавы ў моладзевай сферы стаўся аб’яднаўчы з’езд БПСМ і БСМ (Беларускі саюз моладзі – спадкаемца савецкага камсамола). Мерапрыемства прайшло 6 верасня 2002 года. У выніку быў створаны БРСМ – Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, БРСМ павінен быў «адрадзіць усё лепшае, што было ўласціва камсамолу».

За час існавання саюз адзначыўся адно што падтрымкай лініі Адміністрацыі прэзідэнта, велізарным бюджэтным фінансаваннем і сваімі ня надта ўдалымі акцыямі. Апошнія з якіх «супраць бруду на «НТВ» і «выбары-дурыбары». Найбольш пазітыўнымі акцыямі арганізацыі з’яўляюцца валанцёрскія, якія напрамую не звязаны з дзяржаўнай і моладзевай палітыкай.

Адзначым, што на міжнароднай арэне БРСМ дагэтуль не прызнаецца большасцю грамадскіх арганізацый Еўропы і ЗША, бо дэ-факта саюз з’яўляецца дзяржаўна-грамадскім аб’яднаннем. У сваю чаргу «РАДА» на той час з’яўлялася паўнавартасным членам Еўрапейскага Моладзевага Форума – міжнароднай арганізацыі, якая аб’ядноўвае нацыянальныя моладзевыя саветы і агульнаеўрапейскія моладзевыя арганізацыі.

 

Не нужен нам этот «рваный зонтик»

Вядома, што БРСМ з’яўляецца правапераемнікам Беларускага саюза моладзі, які ў сваю чаргу з’яўляецца спадкаемцам савецкага камсамола.

І ў гэтай якасці правапераемніка БСМ, у 2002—2003 гадах БРСМ аказаўся ў шэрагу арганізацый-заснавальнікаў дэмакратычнага Беларускага саюза моладзевых і дзіцячых арганізацый «РАДА».

Менавіта на гэтыя гады прыходзіцца этап актывізацыі дзейнасці «РАДА» і дзяржаўных структур, асабліва Дэпартамента па справах моладзі Міністэрства адукацыі.

Аднак праз некаторыя час у сваім выступленні Аляксандр Лукашэнка назваў «РАДА» «рваным зонтиком» і выказаў здзіўленне з нагоды таго, што БРСМ «збіраецца кудысьці там уступаць». З таго часу супрацоўніцтва Дэпартамента па справах моладзі і прадстаўнікоў БРСМ з «РАДА» спынілася.

А яшчэ праз некаторы час Дэпартамент па справах моладзі пераўтварыўся ва Ўпраўленне па справах моладзі ў структуры Мінадукацыі і страціў статус юрыдычнай асобы. Такая рэарганізацыя канчаткова перавяла праблемы моладзі Беларусі ў сферу дзейнасці БРСМ, які ў пэўнай ступені ўзяў на сябе функцыі міністэрства.

 

«РАДА» vs ДЗЯРЖАВА

7 лютага 2006 года рашэннем Вярхоўнага суда Беларускі саюз моладзевых і дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў «РАДА» быў ліквідаваны.

Актыўная падрыхтоўка глебы для ліквідацыі «РАДА» пачалася недзе ў 2003 годзе. У той час перад БРСМ стаяла і, заўважым, стаіць на дадзены час задача выхаду на міжнародную арэну. І ў тым ліку атрымання замежнага фінансавання. Аднак большасць недзяржаўных арганізацый Еўропы і ЗША адмаўляюцца прызнаваць БРСМ часткай беларускай грамадзянскай супольнасці.

З мэтай выхаду на міжнародную арэну саюз моладзі ініцыяваў стварэнне Беларускага камітэта моладзевых арганізацый (БКМА). На ўстаноўчым з’ездзе БКМА ў новаўтвораны саюз ўступілі таксама і арганізацыі-члены «РАДА».

Такім чынам, у 2003 была спроба ліквідацыі «РАДА» праз пазбаўленне яе сваіх членаў. Аднак на той час зрабіць гэта не атрымалася.

 

Што маем зараз?

Моладзевая палітыка ў Беларусі дэ-факта манапалізавана дзяржавай і БРСМ.

БРСМ дагэтуль шчодра фінансуецца з дзяржаўнага бюджэта і пры гэтым не прызнаецца еўрапейскімі і амерыканскімі арганізацыямі суб’ектам грамадзянскай супольнасці. А на тэрыторыі Беларусі з’яўляецца адным з асноўных распрацоўшчыкаў і выканаўцаў дзяржаўнай праграмы «Моладзь Беларусі».

Пра дзейнасць Беларускага камітэта моладзевых арганізацый, які фактычна з’яўляецца арганізацыяй, якая павінна аб’ядноўваць іншыя моладзевыя аб’яднанні, амаль нічога не вядома.

Пра важнасць моладзевай палітыкі ўскосна сведчыць і месца адпаведнага раздзела на сайце Міністэрства адукацыі: паміж міжнародным супрацоўніцтвам і сацыяльнай работай.

Такім чынам, на дадзены момант, на вялікі жаль, сітуацыю можна пракаментаваць тэзісамі выніковай рэзалюцыі Моладзевага форума «Дыялог дзеля будучыні», які праходзіў яшчэ напачатку 1996 годзе:

— адсутнасць прагрэсу ва ўзаемаадносінах паміж моладзевымі арганізацыямі і дзяржавай;

— непрадуманасць дзяржаўнай моладзевай палітыкі;

— слабасць моладзевага руху ў рэспубліцы;

— адсутнасць дыялогу па лініі «моладзь – дзяржава».

 

Крыху статыстыкі…

Па апошніх дадзеных Белстата, колькасць моладзі (14-31 год) ў параўнанні з 2005 годам скарацілася прыблізна на 190 тысяч чалавек, альбо 8%. Пры гэтым каля 40% моладзі жыве ў Мінску і толькі кожны дзявяты – у Гродзенскай альбо Магілёўскай абласцях.

У агульнай структуры насельніцтва Беларусі моладзь складае чвэрць. Мужчыны складаюць 51%, жанчыны – 49%.

Па стане на 1 красавіка 2011 году ў рэспубліцы зарэгістравана 2337 грамадскіх аб’яднанняў, з іх моладзевых – 221.

 

…і гістарычныя даведка

Дзень моладзі быў заснаваны ў Савецкім Саюзе 7 лютага 1958 году Указам Прэзідыўма Вярхоўнага Савета СССР «Пра заснаванне Дня савецкай моладзі» і адзначаўся ў апошнюю нядзелю чэрвеня. Беларусь працягвае дадзеную традыцыю.

Адзначым, што існуе Міжнародны дзень моладзі, прыняты Генеральнай асамблеяй Арганізацыі аб’яднаных нацый, якія адзначаецца 12 жніўня. Таксама ў жніўні 2011 сканчаецца Міжнародны год моладзі, абвешчаны ААН.

Матэрыял складзены на падставе інтэрнэт-крыніц і аўтарскіх лекцый курса «Асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы» Екадумавай І.І.

www.ampby.org

Фота: globalpost.com

Падзяліся з сябрамі ў сацыяльных сетках

Share to Google Plus
Share to Odnoklassniki
Share to LiveJournal
Share to MyWorld
Share to Yandex

Цэтлікі: ,

ulad_vialichka_sm

Грамадзянская супольнасць: тыя, каму «не ўсё роўна» альбо «грантасосы» і «пятая калона», якая заклікае да санцый і ізаляцыі?

Падзяліся з сябрамі ў сацыяльных сетках

Share to Google Plus
Share to Odnoklassniki
Share to LiveJournal
Share to MyWorld
Share to Yandex

  • Свежыя навіны з сайтаў моладзевых арганізацый

  • pasla-vucoby-u-sew-uzo-ne-strasna-nicoha

    Як беларусу без шкоды для здароўя скончыць магістратуру ў Варшаўскім універсітэце? Рэцэпты і парады!

    Падзяліся з сябрамі ў сацыяльных сетках

    Share to Google Plus
    Share to Odnoklassniki
    Share to LiveJournal
    Share to MyWorld
    Share to Yandex

  • msdmh_gosci

    Першыя і сапраўдныя сацыял-дэмакратычныя госці адбыліся. Якая розніца паміж «левымі», «правымі» і «цэнтрыстамі», чаму Katy Perry спявае пра Маркса і якая садавіна самая крэатыўная? Незвычайныя гульні, конкурсы, неверагодныя адказы і фота далей.

    Падзяліся з сябрамі ў сацыяльных сетках

    Share to Google Plus
    Share to Odnoklassniki
    Share to LiveJournal
    Share to MyWorld
    Share to Yandex