КДБ трымае слова: Вярхоўны суд адмовіў у рэгістрацыі «Цэнтра развіцьця валянтэрства»
Твітнуць
24 траўня Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь пад старшынствам суддзі Мікалая Бабкова адмовіў у скарзе на рашэньне Міністэрства юстыцыі аб адмове ў рэгістрацыі Міжнароднага культурна-асветніцкага грамадзкага аб’яднаньня “Цэнтар развіцьця валянтэрства”. Такім чынам, суд прызнаў законнай адмову ў рэгістрацыі гэтага грамадзкага аб’яднаньня.
Пікантнасьць гэтай справы ў тым, што цяпер органамі пракуратуры і КДБ разглядаецца скарга заснавальнікаў гэтага аб’ядананьня на спробу незаконнай вярбоўкі членаў аб’яднаньня асобамі, што прадставіліся супрацоўнікамі дзяржбясьпекі.
Нагадаем, у сакавіку кіраўнік аб’яднаньня Мікалай Кванталіяні заявіў, што прадстаўнік КДБ спрабаваў схіляць яго да супрацоўніцтва і абяцаў праблемы з рэгістрацыяй у выпадку адмовы. У замен на супрацоўніцтва неўстаноўлены прадстаўнік КДБ абяцаў аказваць усялякае садзеянне, у тым ліку і па рэгістрацыі замежных праектаў і грантаў, а таксама выказваў гатоўнасьць пераключыць на Цэнтар развіцьця валянтэрства еўрапейскія праекты, якія ўжо знаходзяцца пад іх кантролем.
“Ён нават агаварыўся, што не патрэбна будзе ажыццяўляць дзейнасць, а толькі атрымліваць грошы і рабіць справаздачы” – адзначыў Мікалай Кванталіяні.
Вярхоўны суд далучыў публікацыі прэсы і іншыя матэрыялы няўдалай спробы вярбоўкі грамадзкіх актывістаў да справы, аднак не пагадзіўся адкласьці разгляд да высьвятленьня законнасьці дзеяньняў органаў дзяржбяспекі.
Падчас судовага разгляду прадстаўнік Міністэрства юстыцыі Валер Зінкевіч заявіў, што падставай для адмовы ў рэгістрацыі сталася парушэньне заснавальнікамі грамадзкага аб’яднаньня парадку, які ўстаноўлены законам для стварэньня міжнародных грамадзкіх аб’яднаньняў. У тым ліку было заяўлена, што прадстаўленыя заснавальнікамі дакументы аб швайцарскім аддзяленьні Міжнароднага культурна-асветніцкага грамадзкага аб’яднаньня “Цэнтар развіцьця валянтэрства” з’яўляюцца несапраўднымі.
Усе прэтэнзіі міністэрства ў працэсе судовага разгляду былі пераканаўча абвергнутыя, што было адлюстраванае і ў судовым рашэньні. Але суд не наважыўся зарэгістраваць арганізацыю, спаслаўшыся на наяўнасьць іншых парушэньняў, якія быццам бы былі дапушчаныя пры стварэньні аб’яднаньня. Фактычна адзінай падставай для адмовы ў рэгістрацыі, згодна з рашэньнем Вярхоўнага суда, сталася стварэньне аддзяленьняў арганізацыі пасьля ўстаноўчага агульнага сходу аб’яднаньня. На думку суда, аддзяленьні арганізацыі за мяжой павінныя былі быць створаныя яшчэ да стварэння самой арганізацыі.
Прававую ацэнку такому рашэньню Вярхоўнага суда дае дырэктар Цэнтра прававой трансфармацыі Вольга Смалянка, якая ўдзельнічала ў працэсе ў якасьці прадстаўніка грамадзкасьці: “Рашэньне Вярхоўнага суда з’яўляецца небясьпечным прэцэдэнтам, які ставіць пад сумнеў законнасьць рэгістрацыі сотняў міжнародных грамадзкіх аб’яднаньняў. Справа ў тым, што большасьць з іх стваралася менавіта ў такім парадку: спачатку ствараецца ўся арганізацыя, а пасьля прымаюцца рашэньні аб стварэньні аддзяленьняў у іншых краінах. Рашэньне Вярхоўнага суда не адпавядае той практыцы, якая склалася цяпер у Беларусі ў справе рэгістраціы міжнародных арганізацыяў”.
Прадстаўнік грамадскасці Юрый Чавусаў, які ўдзельнічаў у разглядзе справы ад імя Грамадзкага аб’яднаньня Цэнтар “Супольнасьць”, назваў рашэньне Вярхоўнага суда палітычна матываваным, абумоўленым нязгоднай зхаснавальнікаў арганізацыі паставіць яе пад незаконны кантроль КДБ. “Нават выключна сацыяльная, дабрачынная дзейнасьць, зьвязаная з паляпшэньнем іміджу нашай краіны праз сродкі народнай дыпляматыі і міжнароднае валянтэрства, успрымаецца нашымі ўладамі як непажаданая.” – адзначыў Юрый Чавусаў.
Паводле прэс-рэліза
Падзяліся з сябрамі ў сацыяльных сетках
Цэтлікі: валанцёрства, Вярхоўны суд, КДБ, Мікалай Кванталіані












