Новыя кнігі і даследаванні ад BISS
ТвітнуцьBISS працягвае прадстаўляць чытачу экспертныя ацэнкі палітычных, эканамічных і сацыяльных падзей у Беларусі і ставіць гэтыя падзеі ў больш шырокі кантэкст рэгіянальных і гістарычных тэндэнцый. У чэрвені 2010 BISS выпусціў «Беларускі штогадовік 2009» .
Традыцыя з 2003 года, Штогадовік стаў вынікам сумесных дзеянняў супольнасці экспертаў і аналітыкаў Беларусі па стварэнні летапісу найноўшай гісторыі краіны і яго асэнсаванні. Гэта — унікальнае выданне, якое прапаноўвае комплексны аналітычны агляд падзей і тэндэнцый у розных сферах грамадскага жыцця. Вы можаце запампаваць руска-беларускую ці англійскую версію Штогадовіка з нашага вэб-сайта, або пакінуць запыт на рэзерваванне копіі на кампакт-дыску (на жаль, друкаваны наклад ужо практычна разышоўся, і мы не можам гарантаваць дастаўку асобнікаў ўсім жадаючым).
BISS таксама выпусціў поўны аналітычны даклад «Беларусь і свет: геапалітычны выбар і бяспека скрозь прызму эканомікі і культуры». Гэтае даследаванне праводзілася ў першым квартале 2010 года ў супрацоўніцтве з лабараторыяй НОВАК у форме агульнанацыянальнага апытання (1071 рэспандэнтаў). Даследаванне імкнулася вызначыць эканамічныя і культурныя фактары, якія ўплываюць на выбар знешніх палітычных саюзаў і архітэктуры бяспекі ў беларускім грамадстве.
Гэтае даследаванне прынесла важныя і, часам, нечаканыя высновы. Напрыклад, аб прагматызацыі геапалітычнага выбару Беларусі. Фактары сацыяльнай дынамікі (узрост, адукацыя, доступ да незалежнай інфармацыі, індывідуальнай мабільнасьці) маюць вырашальны ўплыў на выбар паміж Усходам і Захадам, а рост празаходніх і праеўрапейскіх поглядаў назіраецца ва ўсіх сацыяльных і ўзроставых групах пры дадаванні новых чыннікаў сацыяльнага дынамізму (павышэнне ўзроўню адукацыі, з’яўленне доступу да альтэрнатыўных крыніц інфармацыі і магчымасці падарожнічаць на Захад). Гэтыя вынікі ствараюць аснову для рэкамендацыяў у дачыненні да палітыкі для ўнутраных і еўрапейскіх палітыкаў, зацікаўленых у развіцці больш адкрытага і свабоднага грамадства ў Беларусі. Вы можаце запампаваць тэкст дакладу з нашага вэб-сайта. Мы таксама будзем Вам удзячныя за Вашыя меркаванні і заўвагі, якія мы горача вітаем!
BISS таксама апублікаваў вынікі свайго даследавання «Сацыяльныя наступствы сусветнага фінансавага крызісу», зробленага на аснове агульнанацыянальнага апытання, праведзенага ў супрацоўніцтве з лабараторыяй НОВАК у рамках праекту “Развіццё грамадскага дыялогу аб сацыяльна-эканамічных і палітычных альтэрнатывах: узмацненне патэнцыялу грамадзянскай супольнасці ў Беларусі”. Асноўнай мэтай дадзенага даследавання было вызначыць, наколькі эканамічны крызіс паўплываў на сацыяльна-палітычную стабільнасць у краіне і ці прывёў ён да карэнных зменаў у грамадскай думцы, у першую чаргу, ў плане грамадскай падтрымкі сацыяльных і эканамічных пераменаў. Наша галоўная выснова заключаецца ў тым, што падмурак сацыяльнага дагавора паміж дзяржавай і грамадствам не быў парушаны крызісам, у той час як значнага росту пратэстных настрояў у Беларусі таксама зафіксавана не было. У той час як крызіс закрануў даволі шмат сацыяльных груп, толькі некаторыя з іх моцна пацярпелі, але іх прадстаўнікі (прадпрымальнікі, беспрацоўныя) былі ў апазіцыі да ўрада ў любым выпадку. Большасць беларусаў, пацярпелых ад крызісу, абралі стратэгіі адаптацыі да цяжкіх часоў, а не пратэсты. Цікава, што ў выніку крызісу рэзка зменшыўся давер да апазіцыйных СМІ, якія распаўсюджвалі неабгрунтавана алармісцкую інфармацыю. У той жа час, намі зафіксавана тэндэнцыя павелічэння попыту на альтэрнатыўныя варыянты развіцця краіны сярод пэўных сацыяльных груп.
Усе даследаванні і даклады апублікаваны на вэб-сайце www.belinstitute.eu Вы можаце напісаць на адрас info@belinstitute.eu і падзяліцца сваімі заўвагамі і прапановамі.









